BE RU EN

АДКБ не будзе псаваць адносіны з ЕЗ з-за Лукашэнкі

  • 28.02.2011, 9:55

Як ужо паведамлялася, беларускі дыктатар прапануе стварыць альтэрнатыўны спіс неўязных.

З такой просьбай ён звярнуўся ў АДКБ, дзе зараз старшынюе Беларусь. Па словах генеральнага сакратара па пытаннях барацьбы з незаконнай міграцыяй краін АДКБ Мікалая Бардзюжы, спецыялісты разглядаюць прапанову беларускага боку: «Мы чакаем меркавання экспертаў, наколькі гэта мэтазгодна».

Раней з такой прапановай выступаў старшыня афіцыйнага Саюза пісьменнікаў і былы ідэолаг каманды Лукашэнкі Мікалай Чаргінец. Яму, як і Лукашэнку, у чарговы раз забаранілі ўезд у краіны Еўразвяза. «Беларусі неабходна прыняць адпаведныя меры і распрацаваць свой спіс неўязных. Гэта будзе адэкватны адказ на свавольства еўрапейскіх чыноўнікаў», - заявіў ён.

Пакуль не зразумела, па якіх крытэрах хочуць стварыць спіс. Верагодна, што ў яго патрапяць палітычныя апаненты Аляксандра Лукашэнкі.

Палітолаг Юрый Чавусаў лічыць гэта гістэрычнай спробай Лукашэнка знайсці хоць нейкую міжнародную структуру, якая б да яго прыслухалася. «Але АДКБ стваралася не для гэтага, а дзеля бяспекі. Для многіх краін-удзельніц блока Еўразвяз з'яўляецца важным партнёрам, у тым ліку для Расеі. Таму дэманстратыўна псаваць адносіны ніхто не будзе», - адзначыў эксперт у інтерв'ю Белсату.

У АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан.

Апошнія навіны