BE RU EN

МЗС Беларусі: Я - не я, і карова не мая

  • 28.02.2011, 10:35

МЗС Беларусі занепакоены заявай афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара ААН аб незаконных пастаўках баявых верталётаў з Беларусі ў Кот-д'Івуар.

Пра гэта заявіў начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных РІА "Новости" ў панядзелак.

Па дадзеных офіса Пан Гі Муна, Менск у парушэнне уведзеных яшчэ ў 2004 годзе санкцый ААН пачаў у ноч на панядзелак пастаўкі трох баявых верталётаў узброеным фарміраванням, якія падтрымліваюць не прызнанага сусветнай супольнасцю прэзідэнта краіны Ларана Гбагбо.

"Мы занепакоеныя з'яўленнем гэтай заявы. Рэспубліка Беларусь заўсёды вельмі адказна ставілася да безумоўнага выканання ўсіх патрабаванняў і рашэнняў Рады бяспекі ААН. У Беларусі створаная эфектыўная сістэма экспартнага кантролю", - сказаў Савіных.

"Мы таксама звярнулі ўвагу на тое, што на сайце ААН дадзены матэрыял мае вельмі дзіўны загаловак, а менавіта: "Заява, якая прыпісваюцца прэс-сакратару генеральнага сакратара ААН". Неабходна разабрацца ў гэтай сітуацыі. Магчыма, гэтая заява наогул не мае ніякага дачынення да офісу генеральнага сакратара ААН", - сказаў афіцыйны прадстаўнік беларускага МЗС.

Як паведамляе офіс кіраўніка ААН, першы верталёт і нейкія "адпаведныя матэрыялы", як мяркуецца, былі дастаўлены самалётам у сталіцу афрыканскай краіны горад Ямусукро ў ноч на панядзелак. Прыбыццё яшчэ некалькіх бартоў нібыта запланаванае на аўторак. Як паведаміў офіс Пан Гі Муна, пастаўкі вайсковай тэхнікі і маёмасці сілам, якія падтрымліваюць Гбагбо, з'яўляюцца "сур'ёзным парушэннем эмбарга, уведзеным у дачыненні Кот-д'Івуара, дзеючага з 2004 года".

Як адзначаецца ў заяве, кіраўнік ААН запатрабаваў ад міратворчага кантынгенту ў Кот-д'Івуары "пільна сачыць за сітуацыяй і распачаць усе неабходныя меры ў межах існуючага мандата, накіраваныя на тое, каб забяспечыць немагчымасць выкарыстання дастаўленага абсталявання".

Апошнія навіны