BE RU EN

30 выключаных студэнтаў захацелі навучацца па праграме Каліноўскага

  • 28.02.2011, 14:24

Завершаны пазачарговай набор беларускіх студэнтаў на навучанне па праграме Каліноўскага ў Польшчы.

Дадзены набор быў абвешчаны урадам Польшчы для тых студэнтаў, якія пазбавіліся магчымасці вучыцца ў роднай краіне пасля ўдзелу ў падзеях, якія рушылі за прэзідэнцкімі выбарамі, паведаміла БелаПАН каардынатар праграмы, старшыня камітэта абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць" Іна Кулей.

Па ейных словах, пасля масавых затрыманняў удзельнікаў акцыі 19 снежня ў Менску польскія ВНУ заявілі пра гатовасць прыняць адлічаных беларускіх студэнтаў у сярэдзіне навучальнага года. Па праграме Каліноўскага Польшча выдзеліла 150 стыпендый для студэнтаў, 50 стыпендый для дактарантаў і 10 навуковых стыпендый для выкладчыкаў ВНУ.

Як паведаміла Кулей, на сённяшні дзень камітэт прыняў больш за 30 заявак на навучанне па праграме Каліноўскага ў Польшчы. У тым ліку ад 13 студэнтаў, выключаных з беларускіх вну пасля ўдзелу ў акцыі, якія ўжо маюць на руках дакументы аб адлічэнні, а таксама ад тых навучэнцаў, якія былі выключаныя яшчэ ў перыяд перадвыбарчай кампаніі, і тых, якія сёння знаходзяцца пад пагрозай выключэння. Па ейных словах, ёсць некалькі заявак ад аспірантаў, у якіх узніклі праблемы з навучаннем пасля ўдзелу ў акцыі на плошчы Незалежнасці, а таксама ад тых, хто не можа абараніць ў Беларусі кандыдацкія дысертацыі, паколькі іхнія работы не адпавядаюць беларускай ідэалогіі.

Апошнія навіны