Беларускі МЗС сышоў у глухую абарону
- 28.02.2011, 14:47
Беларускія дыпламаты не паспяваюць выступаць з абвяржэннямі паступаючай інфармацыі аб слядах беларускіх уладаў у "гарачых кропках" свету.
"Мы звярнулі ўвагу, што за апошнія некалькі дзён у замежных СМІ пачалі інтэнсіўна з'яўляцца ілжывыя выдумкі аб Беларусі. Спачатку выдумалі беларускіх наймітаў у Лівіі, потым вынайшлі прызямленне ў Менску самалёта з золатам і брыльянтамі з Лівіі, сёння арганізавалі “абвінавачванні” ў міфічным парушэнні санкцый Рады Бяспекі ААН", заявіў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.
"Усе гэтыя заявы не адпавядаюць рэчаіснасці. Насамрэч супраць Беларусі праводзіцца дэструктыўная інфармацыйная атака, накіраваная на дыскрэдытацыю краіны", гаворыцца ў заяве МЗС.
"Галоўнай зброяй праціўнікаў Беларусі становяцца хлусня і паклёп. Гэта лішні раз даказвае іх маральны ўзровень і паказвае іх рэальнае стаўленне да Беларусі і беларускага народу", абураюцца дыпламаты самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі.
"Правал ўсіх гэтых спробаў непазбежны", упэўнены прэс-сакратар МЗС.