Лаўроў: Арышты кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі непрымальныя
- 3.02.2011, 15:02
Расея не збіраецца заплюшчваць вочы на праблемы правоў чалавека ў Беларусі.
Пра гэта заявіў 3 лютага міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў падчас запісу праграмы Spotlight Аляксандра Гурнова, якая выйдзе ў эфір на тэлеканале Russia Today ў бліжэйшую суботу.
«Беларусь - наша брацкая краіна, стратэгічны партнёр, але гэта не значыць, што мы заплюшчваем вочы на парушэнне асноўных правоў і свабод», - цытуе Лаўрова РІА Новости.
Па словах міністра, Масква «не збіраецца кіравацца падвойнымі стандартамі, што неабходна для захавання правоў і свабод у самой Расеі». «Ёсць пэўныя стандарты, ёсць абавязацельствы, пад якімі мы падпісаліся», - заявіў Лаўроў.
Ён назваў «непрымальнымі» арышты ў Беларусі кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, а таксама двух расейскіх грамадзян. «Мы спрабуем атрымаць больш яснасці ў беларускіх калегаў», - сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства РФ.
Як перадае «Інтэрфакс-Захад», кіраўнік МЗС РФ таксама нагадаў, што камітэт Рады Еўропы пару тыдняў таму пры актыўным удзеле і падтрымцы Расеі прыняў рэзалюцыю, якая патрабуе ад беларускіх уладаў вызваліць арыштаваных кандыдатаў у прэзідэнты, праваабаронцаў, журналістаў і паважаць еўрапейскія каштоўнасці і прынцыпы.