Беларускім карнікам варта задумацца
- 4.02.2011, 9:17
Для вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій прынятых санкцый відавочна недастаткова, лічыць юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца ўпэўненыя, што паспрыяць вызваленню палітвязняў змогуць больш жорсткія меры ў дачыненні да ўладаў Беларусі. “Самае асноўнае - дамагчыся вызвалення палітвязняў. А дамагчыся гэтага можна толькі санкцыямі, у тым ліку палітычнымі, - мяркуе Валянцін Стэфановіч. - Унутры краіны прававыя механізмы не працуюць, і дамагчыся справядлівасці дзеяннямі знутры практычна немагчыма".
Па ягоных словах, спісы неўяздных у Еўразвяз чыноўнікаў фармаваліся з улікам іх ролі ў ажыццяўленні апошніх палітычных рэпрэсіяў. «Наколькі ўлады хваравіта будуць успрымаць гэтыя спісы, і наколькі гэта паўплывае на сітуацыю ў краіне - паглядзім. Але я прытрымліваюся думкі, што ў дачыненні да беларускіх уладаў трэба дзейнічаць больш жорстка», - сказаў Стэфановіч у інтэрв'ю тэлеканалу Белсат.
Праваабаронца лічыць, што прынятыя санкцыі, як і спіс неўязных чыноўнікаў, маюць хутчэй сімвалічны характар, аднак падкрэслівае: вельмі важна тое, што гэты спіс застаецца адкрытым. «Таму людзі, якія маюць дачыненне да рэпрэсіўных мерапрыемствам, павінны падумаць, ці варта гэта рабіць», - падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.