BE RU EN

Беларусы не паслухаліся Пракаповіча

  • 6.02.2011, 16:51

Насуперак прагнозам уладаў беларусы і ў студзені працягнулі скупляць даляры і еўра.

Гэта вымусіла Нацбанк пайсці на меры, якія могуць прывесці да дэфіцыту валюты ў абменных пунктах, піша «Салідарнасць».

У сярэдзіне снежня 2010 старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч, кажучы аб сітуацыі на валютным рынку, заявіў: «Спадзяемся, што пачынаючы з чысла 22-23 пачнецца станоўчая дынаміка, і насельніцтва будзе больш прадаваць, чым набываць. Аднак гэтыя чаканні не апраўдаліся. У выніку за апошні месяц мінулага года чыстая пакупка беларусамі склала 662 мільёны USD. Вынікі 2010-га сталіся і зусім ашаламляльнымі: чысты попыт насельніцтва на замежную валюту вырас на 83% і склаў больш чым паўтары мільярды USD. Та-ак, давер да рубля ў нашых грамадзянаў, нягледзячы на ўсе клятвы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Пракаповіча, пакідае жадаць лепшага ...

У студзені попыт на даляры і еўра істотна знізіўся. Аднак прадаваць іх насельніцтва не спяшаецца. Нават пасля выдаткаў на святкаванне Калядаў і Новага года беларусы ў мінулым месяцы набылі валюты амаль на 57 мільёнаў USD больш, чым прадалі.

Не адставалі ад фізічных асоб і юрыдычныя. У студзені чыстая пакупка прадпрыемствамі валюты на біржавым і пазабіржавым рынку склала 405 мільёнаў USD. Разам за месяц без малога паўмільярды даляраў, як карова языком злізала. Гэта амаль 10% ад валютных рэзерваў краіны!

Сітуацыя змушае Пракаповіча ісці на крайнія меры. Як паведамляе www.interfax.by, Нацыянальны банк зрабіў больш жорсткімі ўмовы пакупкі камерцыйнымі банкамі на біржы замежнай валюты, якая будзе накіроўвацца для падмацавання абменных пунктаў. З лютага банкі для падтрымкі «абменнікаў» могуць набыць на біржы толькі суму чыстага продажу валюты насельніцтву ў папярэднім месяцы. Астатні аб'ём попыту насельніцтва на замежную валюту банкі павінныя будуць забяспечыць за кошт яе набыцця ў фізічных асоб. Акрамя таго, купіць на біржы запасы валюты на ўвесь месяц банкі змогуць толькі на працягу першых трох рабочых дзён гэтага месяца.

Раней абмежаванні на набыццё валюты на біржы для падтрымкі абменных пунктаў адсутнічалі. Чаму раптам іх прыйшлося ўводзіць цяпер? Усё так дрэнна?

Новаўвядзенні Нацбанка могуць ужо ў бліжэйшы час прывесці да дэфіцыту валюты ў абменных пунктах. А гэта, у сваю чаргу, здольна выклікаць яшчэ большыя асцярогі ў грамадзян адносна перспектываў беларускага рубля.

Апошнія навіны