BE RU EN

Еўрапейцы заклікаюць да байкоту ЧС па хакеі ў Менску

  • 9.02.2011, 17:10

Моладзь Еўрапейскай Народнай Партыі патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

З 3-га па 6-е лютага ў Італіі прайшла канферэнцыя моладзі Еўрапейскай Народнай Партыі (YEPP), якая з'яўляецца найбуйнейшай у Еўропе і аб'ядноўвае нацыянальныя хрысьціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі з усёй Еўропы.

На мерапрыемстве пераважнай большасцю галасоў была прынятая рэзалюцыя, у якой YEPP патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі, сярод якіх шмат моладзевых актывістаў. Акрамя таго YEPP заклікае афіцыйныя органы Еўразвяза і краін-удзельніц павялічыць намаганні, накіраваныя на дэмакратызацыю Беларусі, а таксама падтрымку беларускіх студэнтаў і навучэнцаў.

Як распавядае па вяртанні з канферэнцыі старшыня Моладзевага Хрысціянска-сацыяльнага саюза "Маладыя Дэмакраты” Аляксандр Шумкевіч, які прадстаўляе Беларусь у YEPP, «у канферэнцыі ўдзельнічалі як высокапастаўленыя сябры італьянскага ўрада, так і прадстаўнікі больш чым 30 краін. Падзеі ў Беларусі, выклікаюць ва ўсіх непадробную цікавасць. Акрамя патрабавання аб вызваленні палітвязняў, якое чырвонай ніткай прайшло праз усе рэзалюцыі, прынятыя ў апошні час у Еўропе, мы ўключылі ў рэзалюцыю шэраг больш жорсткіх пунктаў, на якія не рашаліся ў рэзалюцыях, прынятых раней».

Так, напрыклад, YEPP заклікае іншыя міжнародныя арганізацыі і НДА адмовіцца ад запрашэння афіцыйных беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў БРСМ на якія б тое ні было міжнародныя мерапрыемствы.

Таксама ў рэзалюцыі прынятай YEPP была выказаная прапанова байкатаваць любыя спартовыя мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і Чэмпіянат свету па хакеі, які павінен адбыцца ў 2014 годзе ў Менску.

Ужо сёння тэкст рэзалюцыі, прынятай YEPP быў распаўсюджаны па афіцыйных каналах Брусэля. Таксама ў шэрагу краін ужо рыхтуюцца афіцыйныя звароты ў спартовыя міністэрствы і хакейныя федэрацыі з прапановай адмовіцца ад наведвання Мінска.

«Мы спецыяльна настойвалі на ўключэнне гэтага пункта ў рэзалюцыю, бо для многіх хакейных краін, у тым ліку Швецыі, Чэхіі, ЗША з'яўляецца абсалютна непатрэбнай нагрузкай ўдзельнічаць у чэмпіянаце свету, які будзе праводзіцца ў адзін год з Алімпіядай. А ўлічваючы палітычную сітуацыю, якая склалася ў Беларусі, і даволі жорсткае стаўленне да гэтага еўрапейскіх краін, мы цалкам можам атрымаць сітуацыю, калі Міжнародная Федэрацыя Хакея ўсё-ткі пакіне правядзенне гэтага чэмпіянату ў Менску, але прыедуць да нас толькі Расея і Казахстан», - кажа Аляксандр Шумкевіч.

Даведка:

Еўрапейская Народная Партыя (EPP) - партыя, што аб'ядноўвае 72 партыі з 39 краін, прадстаўнікі якіх ўзначальваюць 15 краін-удзельніц ЕЗ, якая валодае самай вялікай колькасцю месцаў у Еўрапейскім Парламенце (265).

Моладзь Еўрапейскай Народнай Партыі (YEPP) - афіцыйная моладзевая арганізацыя ЕНП, найбуйнейшая агульнаеўрапейская моладзевая палітычная структура, што аб'ядноўвае 49 моладзевых арганізацый.

Апошнія навіны