Уведзеная новая забарона на набыццё валюты
- 1.03.2011, 13:54
Урад і Нацбанк знаходзяць новыя спосабы абмежавання валютнага рынку краіны.
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка ад 25 лютага 2011 г. № 240/5 «Аб разліках па імпарце некаторых тавараў» імпарт абсталявання па знешнегандлёвай дамове на суму, якая перавышае 50 000 еўра ў эквіваленце, ажыццяўляецца выключна за кошт наяўнай ў распараджэнні імпарцёра выручкі ў замежнай валюце і іншай замежнай валюты (укладаў у статутны фонд, замежнай бязвыплатнай дапамогі, дывідэндаў і іншых даходаў ад інвестыцый і інш), а таксама замежнай валюты, атрыманай па дамовах пазыкі (крэдытных дамовах), заключаных з нерэзідэнтамі і беларускімі банкамі на тэрмін не менш за 1 год.
Набыццё замежнай валюты суб'ектамі гаспадарання-рэзідэнтамі для разлікаў з нерэзідэнтамі па імпарце абсталявання магчымае толькі па знешнегандлёвай дамове, сума якой не перавышае 50 000 еўра ў эквіваленце.
"Варта адзначыць, што дадзеная мера накіраваная на абмежаванне попыту на замежную валюту з боку суб'ектаў гаспадарання-рэзідэнтаў, якія рэалізуюць буйныя інвестыцыйныя праекты, якія павінныя сур'ёзна прапрацоўваць іхнюю эканамічную мэтазгоднасць і крыніцы аплаты (валютная выручка, валютныя крэдыты беларускіх банкаў ці знешняе фінансаванне). Пры гэтым для прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу захоўваецца магчымасць набыцця імпартнага абсталявання ў сумах, якія не перавышаюць 50.000 еўра ў эквіваленце, як за кошт вышэйназваных крыніц, так і за кошт набытай на ўнутраным рынку замежнай валюты", лічаць у Нацбанку.
Акрамя абмежаванні попыту на замежную валюту з боку суб'ектаў гаспадарання-рэзідэнтаў дадзеная мера, якая з'яўляецца часовай і ўводзіцца да 1 сакавіка 2012 года, будзе стымуляваць: павышэнне эфектыўнасці інвестыцыйных праектаў, для рэалізацыі якіх набываецца абсталяванне, з пункту гледжання іх экспартаарыентаванасці і валютаакупнасці; пашырэнне выкарыстання розных новых прылад аплаты паставак абсталявання па імпарце, у тым ліку ў форме адтэрміноўкі аплаты пастаўшчыку-нерэзідэнту, садзейнічання з боку пастаўшчыка ў атрыманні рэзідэнтам экспартнага крэдыту і г.д.; структурныя рэформы, у тым ліку за кошт стварэння з нерэзідэнтамі сумесных прадпрыемстваў і ўнясення нерэзідэнтамі ў якасці інвестыцый неабходнага абсталявання.