Брэўс: Быў ціск на допытах і пагрозы фізічнага гвалту
- 11.03.2011, 16:42
Расейцы Брэўс і Гапонаў і беларус Мядзведзь распавялі пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА Менгарвыканкама на Валадарскага.
Суд Маскоўскага раёна Менска прызнаў расейцаў Арцёма Брэўса і Івана Гапонава вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня. Але яны атрымалі штраф па 300 базавых (каля 10,5 мільёнаў рублёў) і былі вызваленыя ў зале суда. Па словах Арцёма Брэўса, катаванні да іх не ўжываліся, але быў ціск падчас допытаў:
«Адзінае - калі праходзілі супрацоўнікі аператыўнага аддзела, здзяйсняўся ціск. Пагрозы аб прымяненні фізічнай сілы, аб магчымым пераводзе ў СІЗА КДБ (палітзняволеных утрымлівалі ў СІЗА МУС на вул. Валадарскага), а непасрэдна нічога не было», - распавёў ён «Еўрарадыё».
Расейцы, магчыма, будуць абскарджваць прысуд пасля таго, як параюцца з адвакатамі.
«Мы на волі, таму прысудам задаволеныя», - распавёў Брэўс пасля вызвалення.
На ягоны погляд, мяккі прысуд звязаны з недастатковай доказнай базай.
«На самой справе была недастатковая доказная база. Таму даваць тэрмін - гэта быў бы занадта жорсткі прысуд. На відэа нічога не было такога. Толькі тое, што мы ў натоўпе удзельнікаў. Але ніякіх дзеянняў не рабілі, не наносілі удараў. Хутчэй за ўсё, відэа нас больш апраўдала», - лічыць Брэўс.
Іван Гапонаў не адмаўляў магчымай сувязі свайго затрымання з расейскім грамадзянствам. Але гаварыць пра гэта не захацеў.
«І так, і не. Я думаю, і так усім зразумела, дакладней, усе маюць на ўвазе гэта. Навошта аб гэтым гаварыць?.. Умовы ў СІЗА былі нармальныя. Я потым апішу гэта ў сваёй кнізе. А цяпер паеду есці».
Дарадца расейскай амбасады Вадзім Гусеў, які прысутнічаў на судзе, кажа, што ў амбасадзе пазітыўна ўспрынялі прысуд. Але ён падкрэсліў, што віны сваёй Брэўс і Гапонаў не прызналі.
«Хачу сказаць, што ў цэлым амбасада пазітыўна ўспрыняла вердыкт беларускага суда аб вызваленні расейскіх грамадзянаў з-пад арышту ў зале суда. У той жа час хачу падкрэсліць, што ні Брэўс, ні Гапонаў вінаватымі сябе не прызналі. А расейскі бок з самага пачатку займаў дакладную і цвёрдую пазіцыю аб неадкладным вызваленні затрыманых».
У дачыненні да 51-гадовага беларуса Зміцера Мядзведзя прысуд быў больш жорсткім, хоць доказная база практычна не адрознівалася. На судзе ён сваю віну не прызнаў, 15 пацярпелых міліцыянтаў таксама паведамілі, што не пазнаюць яго і не маюць да яго прэтэнзій. Тым не менш, пракурор папрасіў 4 гады турмы. У выніку Мядзведзя прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў спецустановы і вызвалілі ў зале суда.
«Я так стаміўся, шчыра кажучы... Проста мае любыя тут, і я вельмі рады», - пракаментаваў Еўрарадыё сваё вызваленне Зміцер Мядзведзь. - Прысуд такі, які ёсць».
Брэўс і Гапонаў кажуць, што пакуль з'яжджаць не збіраюцца. Яны, дарэчы, будуць знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, пакуль не выплацяць штраф.
«У нас быў пазоў на 14 мільёнаў. Мы вельмі ўдзячныя праваабарончым арганізацыям, што яны яго аплацілі. А цяпер будзем вырашаць, што далей », - кажа Арцём Брэўс.