BE RU EN

Сукупны знешні доўг Беларусі вырас на 30%

  • 12.03.2011, 15:14

На 1 студзеня 2011 года ён дасягнуў 28 млрд. 512 млн. даляраў, або 52,2% ВУП.

Валавы знешні доўг Беларусі за мінулы год павялічыўся на 6 млрд. 452 млн. даляраў, або 29,2%.

Як паведамілі БелаПАН у Нацыянальным банку, у чацвёртым квартале аб'ём сукупнага знешняга доўгу вырас на 2 млрд. 918,8 млн. даляраў (на 11,4%) пасля росту на 2 млрд. 422,3 млн. (10,5%) у трэцім квартале, на 927,5 млн. даляраў (4,2%) - у другім і на 183,2 млн. (0,8%) - у першым.

У разліку на душу насельніцтва валавы знешні доўг таксама працягвае расці: на 1 студзеня 2011 года ён склаў 3 тыс. 7 даляраў супраць 2 тыс. 322 даляраў на пачатак 2010 года і 1 тыс. 596 долараў - на пачатак 2009-га.

Па дадзеных Нацбанка, на абслугоўванне знешняга доўгу ў 2010 годзе было накіравана 5 млрд. 164,9 млн. даляраў (9,5% ВУП, або 17,3% экспарту тавараў і паслуг). З названай сумы 4 млрд. 563,1 млн. даляраў склалі выплаты па асноўным доўгу, 601,8 млн. даляраў - плацяжы па адсотках.

Нагадаем, за 2009 год валавы знешні доўг Беларусі павялічыўся на 6 млрд. 906,2 млн. даляраў ЗША, або на 45,4%, і склаў 22,06 млрд. (45% ВУП).

Па нядаўняй ацэнцы Міжнароднага валютнага фонду, валавы знешні доўг Беларусі будзе працягваць расці. Па выніках 2011 года ён складзе 57,3% ВУП, 2012-га - 61,9%, а да 2016 года дасягне 74,5% ВУП.

Валавы знешні доўг Беларусі ўяўляе сабой нявыплачаную суму фактычных бягучых і неабумоўленых абавязацельстваў, якая патрабуе выплаты асноўнага абавязку і/ці адсоткаў дэбіторам ў будучы перыяд часу і ўяўляе сабой абавязацельствы рэзідэнтаў Беларусі перад нерэзідэнтамі.

Валавы знешні доўг ўключае ў сябе доўг органаў дзяржаўнага кіравання, органаў грашова-крэдытнага рэгулявання, банкаў і іншых сектараў эканомікі.

Апошнія навіны