Рашэнне суда на карысць «Аўтарадыё» адмененае
- 17.03.2011, 18:57
Пазовы «Аўтарадыё» да Мінінфарма і Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні будуць перагледжаныя новым складам суда.
Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда 17 сакавіка адмяніла рашэнне ВГС па пазовах «Аўтарадыё» да Міністэрства інфармацыі і Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі і накіравала яго на паўторны разгляд.
Перагляд пазоваў «Аўтарадыё» будзе праведзены новым складам ВГС. Дата паўторнага судовага паседжання пакуль не вызначаная.
Галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан заявіў БелаПАН, што радыёстанцыя мае намер "змагацца да канца". Разам з тым ён выказаў асцярогу, што працэс можа расцягнуцца на нявызначаны час. Першы працэс, нагадаем, доўжыўся два месяцы, і ўвесь гэты час супрацоўнікі радыёстанцыі заставаліся без працы.
Як заўважыў Базан, працэс над «Аўтарадыё» паказаў, што ў беларускім заканадаўстве маюцца розначытанні ў разуменні цермінаў «інфармацыя», «масавая інфармацыя», «інфармацыйная прадукцыя» і да т.п. На ягоную думку, на новым разглядзе па дадзенай справе гэтыя пытанні будуць вывучацца больш глыбока. У цэлым жа, лічыць ён, любы разважны чалавек разумее, што ў словах кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава аб тым, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы» няма нічога экстрэмісцкага.
Нагадаем, 9 сакавіка ВГС прызнаў несапраўднымі папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае ЗАТ «Аўтарадыё», а таксама рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі.
Папярэджанне было вынесенае Мінінфармам 10 студзеня і стала адной з падставаў для спынення вяшчання радыёстанцыі 12 студзеня па рашэнні Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні.
Паводле афіцыйнай фармулёўкі, прычынай папярэджання і спынення вяшчання «Аўтарадыё» стала распаўсюджванне ў эфіры радыёстанцыі інфармацыі, «якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». Менавіта так чыноўнікі расцанілі словы кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава аб тым, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».
У часе суду прадстаўнікі «Аўтарадыё» заявілі аб тым, што інфармацыя можа быць прызнаная экстрэмісцкай толькі па рашэнні суда па заяве дзяржоргана, які ажыццяўляе супрацьдзеянне экстрэмізму, - органаў дзяржбяспекі, МУС і пракуратуры. Акрамя таго, адзначалі прадстаўнікі радыёстанцыі, дадзеныя словы Саннікава былі апублікаваныя ва ўсіх дзяржаўных выданнях, таму што змяшчалася ў перадвыбарнай праграме палітыка.
У каментары БелаПАН міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі назваў рашэнне суддзі ВГС Валера Шобіка неабгрунтаваным і несправядлівым і заявіў аб намеры абскардзіць вердыкт. «Я вельмі здзіўлены вынікам гэтага разгляду», - падкрэсліў кіраўнік Мінінфарма.