Каралін Вазняцкі абвінавацілі ў перадвыбарчай агітацыі за Лукашэнку
- 18.03.2011, 11:06
Тэнісістка згуляла «як лепшы сябар з брутальным дыктатарам, на сумленні якога некалькі смерцяў», лічаць у Даніі.
У дацкай прэсе актыўна абмяркоўваецца ўдзел нацыянальнай спартыўнай зоркі Каралін Вазняцкі ў гульні з Лукашэнкам.
Падчас дабрачыннага матчу ў Менску 19 лістападзе 2010 года тэнісісткі Вікторыя Азаранка і Каралін Вазняцкі запрасілі на корт Аляксандра Лукашэнку, які зняў чаравікі, падкасаў штаны і гуляў адзін супраць дзвюх спартсменак. Па завяршэнні гульні Аляксандр Лукашэнка падарыў дзяўчатам афіцэрскія корцікі. Акрамя таго, ён прэзентаваў Вазняцкі і Азаранка манеты Нацыянальнага банка з каштоўных металаў з выявай крыжа Ефрасінні Полацкай, клюшкі, якімі ён гуляе ў хакей, а таксама валёнкі белага колеру для іхніх першынцаў.
Як паведамляе сёння БелаПАН, дацкая тэнісістка, першая ракетка свету Каралін Вазняцкі абыякавая да крытыкі ейнага ўдзелу ў гульні з Аляксандрам Лукашэнкам, хоць такі крытыкі ў СМІ краіны гучыць досыць.
«Я не палітык, - заявіла спартоўка у інтэрв'ю Ekstra Bladet. - Палітыкі павінныя казаць, што яны хочуць. Мне абсалютна ўсё роўна. Я паехала ў Беларусь, таму што мая добрая сяброўка Вікторыя Азаранка спытала, ці магу я дапамагчы сабраць грошы для дзяцей, хворых на рак. Я сказала: вядома, так. Не ўсім так пашанцавала, што яны могуць падарожнічаць па свеце і жыць сваім хобі, таму я шчаслівая нешта даць іншым».
«Не трэба блытаць палітыку і спорт. Я была там, каб гуляць у тэніс. Я не шкадую, і я зрабіла б гэта зноў», - сказала Вазняцкі.
Па паведамленні дацкага інфармагенцтвы Ritzau, супрацоўнік прэс-службы мясцовага тэніснага саюза заявіў, што ягоная арганізацыя не мае патрэбы ў «раптоўных меркаваннях» дацкіх палітыкаў аб прыватным візіце Вазняцкі ў Беларусь.
Прадстаўнік Сацыялістычнай народнай партыі Даніі Камаль Курэшы заклікаў тэнісны саюз і міністра культуры асудзіць Вазняцкі і прыняць меры, каб гэта не паўтаралася надалей. «Гэта няправільны сігнал дацкай моладзі, калі зорка тэніса заігрывае з дыктатарам», - лічыць ён.
На думку прадстаўніка Дацкай ліберальнай партыі (левыя) Мікаэля Острупа Енсэна, тэнісістка аддала «даніну дыктатару», згуляўшы выставачны матч у Беларусі «як лепшы сябар з брутальным дыктатарам, на сумленні якога некалькі смерцяў». Па ягоных словах, гульня Лукашэнкі з Вазняцкі і Азаранка была жартам, але ў канчатковым выніку гэта шкодзіць дэмакратычнаму руху ў краіне. «Барацьба беларусаў за дэмакратыю не становіцца лягчэй, калі іхні дыктатар знаходзіцца побач з зоркамі сусветнай велічыні», - растлумачыў палітык. Ён лічыць, што Вазняцкі павінная была «трымацца на адлегласці ад прапагандысцкага шоў Лукашэнкі».
Дацкія СМІ адзначаюць, што прыезд Вазняцкі ў Менск і ейная гульня з Лукашэнкам сталі часткай перадвыбарчай агітацыі беларускага кіраўніка.
Jyllands-Posten прыводзіць выказванне прафесара гісторыі спорту Капенгагенскага універсітэта Ханса Бондэ, які заявіў, што Вазняцкі «перайшла вельмі выразную мяжу». «Гэта паўнавартасны класічны прыклад змешвання спорту і палітыкі, - лічыць гісторык. - Лідэры-папулісты не хочуць проста арганізоўваць спартыўныя мерапрыемствы, сядзець на трыбунах і ціснуць рукі зоркам спорту. Яны хочуць наўпрост ўніз, на дарожку, і варыцца ў гэтым эмацыйным катле. Гэта мара любога палітыка, але толькі заўзятыя папулісты наважваюцца гэта зрабіць».
Заява Вазняцкі аб тым, што яна ў Беларусі проста гуляла ў тэніс, не можа служыць апраўданнем, сказаў дацкі прафесар. «Пытанне ў тым, ці хоча яна трымацца далей ад гэтага, бо ў спартсменаў занадта шмат прэстыжу і грошай, каб быць саюзнікамі сумнеўных рэжымаў і асоб», - заявіў Бондэ.
Гісторыю з Вазняцкі ён мае намер выкарыстоўваць у сваім навучальным модулі «Спорт, нацыянальная ідэнтычнасць і палітыка».