Някляеў выгнаў наглядчыка за дзверы
- 2.03.2011, 13:50
Сёння павінен быў адбыцца допыт Уладзіміра Някляева. Трэці за той час, што экс-кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Але допыт, мяркуючы па ўсім, не адбудзецца. У кватэры Някляева адбыўся канфлікт паміж прыстаўленымі да палітыка наглядчыкамі і ягонай жонкай, перадае «Народная воля».
У Някляева здарыўся інцыдэнт з супрацоўнікамі КДБ, якія да яго прыстаўленыя. Што ж адбылося?
Справа ў тым, што два папярэдніх разы, калі Някляева везлі да следчага, «ахоўнікі» пакідалі кватэру. А на гэты раз чамусьці аднаго супрацоўніка вырашана было пакінуць у кватэры экс-кандыдата ў прэзідэнты.
- Нас гэта, безумоўна, абурыла, - распавяла «Народнай волі» жонка Уладзіміра Някляева Вольга. - Я запланавала на сёння некалькі сустрэч і зараз вымушаная карэктаваць свае планы, таму што катэгарычна супраць, каб у маёй кватэры заставаліся староннія. Мы ім прапанавалі дзяжурыць каля дзвярэй, размясціцца на лесвічнай пляцоўцы, пакуль у кватэры нас не будзе. Але адказу на сваю прапанову не атрымалі. Тады Уладзімір Пракопавіч адмовіўся ехаць на допыт. Вядома, ён перанерваваўся і ў яго падняўся ціск. Прыйшлося выклікаць "хуткую".
Як вядома, у кватэры Някляевых стала дзяжураць два супрацоўнікі КДБ. Усяго «ахоўнікаў» шэсць чалавек (тры пары), змяняюцца яны праз 24 гадзіны. Размясціліся КДБэшнікі у асобным пакоі невялікай кватэркі Някляевых.
- Пара маладых хлопцаў 24 гадзіны знаходзяцца ў нас у кватэры; днём яны сядзяць, глядзяць, каб выконваліся ўмовы «хатняга арышту», каб Валодзя нікуды не выходзіў, ніхто да нас не прыходзіў, не карыстаўся кампутарам, тэлефонам і не чытаў карэспандэнцыю. Уначы адзін з іх адпачывае, другі - дзяжурыць, потым, мабыць, яны мяняюцца, - распавяла нядаўна Вольга Някляева ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану». - Гатаваці ім я не абавязаная - я гатую толькі для свайго мужа і для сябе. Яны прыносяць з сабой ежу. Адзінае, што я ім дазволіла карыстацца кухняй - і яны, самі, калі ім трэба, гатуюць сабе гарбату...