Улады Літвы абвяргаюць Мінэнерга Беларусі
- 2.03.2011, 18:28
Міністэрства абароны навакольнага асяроддзя Літвы сёння выступіла з аспрэчаннем паведамленняў з Менска, што Літва больш не мае прэтэнзій па беларускай АЭС.
Гаворка ідзе аб распаўсюджанай БЕЛТА інфармацыі аб тым, што Літва, нібыта не мае ніякіх прэтэнзіяў да Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучай АЭС у Беларусі, паведамляе ІА REGNUM.
Літоўскае міністэрства сцвярджае, што цытуемыя агенцтвам БЕЛТА заявы намесніка міністра энергетыкі Беларусі Міхаіла Міхадзюка «не адпавядаюць рэчаіснасці». «Літва да гэтага часу не ўхваліла справаздачу АУНА. Літва так і не атрымала адказаў на пытанні аб крытэрах выбару пляцоўкі ў Астраўцы, што знаходзіцца ўсяго ў 50 км ад Вільні, а таксама дакладнасці вывадаў прадстаўленых у АУНА», - гаворыцца ў аспрэчанні.
Нагадаем, Міхадзюк, распавядаючы сёння аб планах будаўніцтва АЭС у Гродзенскай вобласці, адзначыў, што афіцыйны Менск выконвае патрабаванні МАГАТЭ, «завяршыў абмеркаванне справаздачы аб АУНА з Літвой і цвёрда мае намер рэалізаваць праект будаўніцтва АЭС, нягледзячы на пратэсты эколагаў».