Ала Саннікава: Без сістэматычнага, сталага ўздзеяння гэтую сцяну не праб'еш
- 2.03.2011, 19:18
Ала Саннікава, маці палітзняволенага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, будзе дамагацца сустрэчы з сынам.
Жанчыну да такога рашэння падштурхнула заява Алеся Міхалевіча, які назваў следчы ізалятар КДБ «канцлагерам ў цэнтры Менска» і заявіў, што там да некаторых арыштаваных прымяняюцца катаванні. Аб гэтым паведамляе «Радыё Рацыя».
- Я ж не ведаю, выкарыстоўваюць у дачыненні Андрэя такія ж катаванні альбо не. Ён пра гэта нічога не піша. Але калі я прачытала тое інтэрв'ю Міхалевіча - валасы сталі дыбам. Я не магла ноч заснуць, і сама ўжо падумала, што калі няма сустрэч з адвакатам, то пайду я на сустрэчу, можа, я змагу нешта высветліць. Трэба пісаць - я даведаюся, як гэта робіцца. Сёння бачылася з жонкамі тых, хто цяпер у СІЗА - з іх ніхто нікуды не патрапіў. Я ведаю, што маці Севярынца спрабавала ўжо шмат разоў - нічога. Без сістэматычнага, сталага ўздзеяння гэтую сцяну не праб'еш.
Па словах Алы Саннікавай, адвакат ўжо больш за два тыдні не мае магчымасці сустрэцца з кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым. У той жа час яшчэ некалькі вязняў «амерыканкі» не бачылі адвакатаў з 29 снежня 2010 года: Зміцер Бандарэнка, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Сяргей Марцалеў, Анатоль Лябедзька.