BE RU EN

«Беларусбанк» хоча пазычыць паўмільярды даляраў

  • 25.03.2011, 13:49

ААТ «ААБ Беларусбанк» у бягучым годзе плануе выпусціць еўрааблігацыі ў суме да $500 млн.

Пра гэта заявіла сёння старшыня праўлення банка Надзея Ермакова на паседжанні агульнага сходу акцыянераў ААТ «ААБ Беларусбанк», перадае БелТА.

«У бягучым годзе мы плануем арганізаваць выпуск і размясціць еўрааблігацыі ў суме да $500 млн. тэрмінам да 3 гадоў на заходнім рынку», - сказала Надзея Ермакова.

Разам з тым яна падкрэсліла, што ў цяперашні час для правядзення такой аперацыі складаюцца не зусім спрыяльныя ўмовы на міжнародным рынку. «Але мы спадзяемся, што такая сітуацыя будзе не ўвесь год», - сказала яна. Таксама Надзея Ермакова адзначыла, што банк не мае намеру прыцягваць рэсурсы па высокіх стаўках.

Гаворачы ў цэлым аб развіцці міжнароднага супрацоўніцтва Беларусбанка з замежнымі крэдытна-фінансавымі інстытутамі, Надзея Ермакова падкрэсліла, што яно развівалася паспяхова. У мінулым годзе беларускім банкам былі заключаныя крэдытныя дамовы з банкамі Швейцарыі, Германіі, Польшчы, Францыі. У мэтах фінансавання інвестыцыйных праектаў беларускіх прадпрыемстваў за 2010 год заключана 79 крэдытных пагадненняў на агульную суму $ 529 млн. у эквіваленце. Самыя буйныя з іх - закуп грузавых электравозаў для Беларускай чыгункі, будаўніцтва другога корпуса гасцініцы «Вікторыя», закупка тэхналагічнага абсталявання для Мазырскага ДАК.

Аб'ём крэдытных ліній па міжбанкаўскіх аперацыях, устаноўленых на Беларусбанк замежнымі банкамі, павялічыўся за мінулы год да $ 1,38 млрд. у эквіваленце.

У цэлым жа за 5 гадоў доля Беларусбанка ў абслугоўванні знешнегандлёвага абароту Беларусі павялічылася ў 1,8 разы і на пачатак 2011 года склала 28%.

Апошнія навіны