У Берліне малююць коміксы пра «пераканаўчую перамогу» беларускага дыктатара
- 25.03.2011, 16:36
У Берліне ў лютым з'явілася новае выданне - газета коміксаў пад назвай «Пераканаўчая перамога: дзве гісторыі, як гэта было на самой справе».
Газета ў малюнках распавядае пра падзеі ў Беларусі ў час і пасля прэзідэнцкіх выбараў у канцы 2010 года.
Аўтар праекта - Марына Напрушкіна, палітычная мастачка і актывістка, якая цяпер жыве і працуе ў Берліне. Марына нарадзілася і вырасла ў Менску, скончыла Менскае мастацкае вучылішча імя Глебава і Акадэмію мастацтваў ў Франкфурце-на-Майне (Германія). Над праектам «Пераканаўчая перамога: дзве гісторыі, як гэта было на самой справе» разам з ёй працавалі Вольга Капенкіна, Яна Сатурн і Тобіас Вайман.
Гісторыя выбараў, у асаблівасці вечар і ноч 19 снежня 2010 года, калі мірная дэманстрацыя была жорстка падаўлена міліцыяй, тут распавядаецца паралельна ў двух версіях. Першая - інтэрпрэтацыя падзей, якая шырока прапагандуецца ўладамі па ўсёй краіне, была запазычаная з матэрыялаў беларускіх дзяржаўных СМІ. Іншая версія грунтуецца на інфармацыі з незалежных крыніц, якія існуюць пераважна ў інтэрнэт-прасторы: блогаў, апазіцыйных сайтаў, каментароў карыстальнікаў, сведчанняў пацярпелых і палітычных актывістаў.