Палітсалдат Андрэй Цянюта: Навучыўся страляць з гранатамёта
- 29.03.2011, 3:19
28 сакавіка пасля службы ў дэсантных войсках у Гомель вярнуўся маладафронтавец Андрэй Цянюта.
«Звольнілі мяне сёння раніцай без правакацый, - кажа Андрэй у інтэрв'ю газеце «Наша Ніва». - Толькі перад Днём Волі быў псіхалагічны ціск: Віцебская гарнізонная контрвыведка папярэдзіла аб недапушчальнасці антыканстытуцыйнай дзейнасці ў складзе незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт».
Цянюта і цяпер перакананы, што ягоны прызыў быў цалкам палітычным: спачатку Андрэя медыкі прызналі непрыдатным да вайсковай службы з-за адхіленняў у здароўе, а потым усё перайначылі і забралі ў войска:
«За паўтара гады я нечаму навучыўся. Напрыклад, страляць з гранатамёта, наладжваць адносіны ў калектыве».
Андрэй заяўляе, што не будзе цурацца грамадскай дзейнасці:
«Абавязкова буду працягваць грамадскую дзейнасць. Буду змагацца за вызваленне Зміцера Дашкевіча і майго калегі Эдуарда Лобава, з якім мы 9 месяцаў служылі ў адной роце. Ну, і, вядома, іншых палітвязняў».
Асабістыя планы Цянюты звязаныя з атрыманнем вышэйшай адукацыі.
Да прызыву ў войска Андрэй вучыўся завочна ў Бранскай сельгасакадэміі ў Расеі, але нечакана быў адлічаны.