Тацяна Севярынец дамагаецца сустрэчы з мітрапалітам Філарэтам
- 29.03.2011, 12:11
Маці палітвязня лідэра БХД Паўла Севярынца працягвае дамагацца, каб ейнага сына, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ, наведаў святар.
Палітык, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Партыі Беларускі Хрысціянская Дэмакратыя ў сваіх лістах выказваў жаданне аб сустрэчы са святаром, каб спаведацца і прыняць Святое Прычасце, паведамляе прэс-служба БХД.
Тацяна Яўгенаўна дамовілася з айцом Васілём з Менскай епархіі, які адказвае за царкоўную працу са зняволенымі ў турмах. Аднак следчы адмовіў у сустрэчы Севярынца са святаром. Каб вырашыць гэтую праблему, Тацяна Севярынец спрабуе сустрэцца з мітрапалітам Менскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам Беларусі Філарэтам.
Па словах Тацяны Севярынец, калі атрымаецца дамагчыся заключэння дамовы царквы са следчым ізалятарам КДБ, гэта стане сапраўдным прарывам. Калі не Павал Севярынец, то іншыя арыштаваныя змогуць атрымаць права на споведзь і малітву.