Прэзідэнт Польшчы: Нельга рабіць выгляд, што ў Беларусі не збіваюць людзей
- 30.03.2011, 13:19
Польшча падтрымлівае грамадзянскую супольнасць Беларусі, якая змагаецца за свой шанец жыць у нармальнай дзяржаве.
Аб гэтым заявіў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі 29 сакавіка ў ходзе выступлення ва універсітэце Тарту ў Эстоніі.
Па словах Камароўскага, Польшча з'яўляецца прыхільнікам цвёрдага курсу ў дачыненні да ўладаў Беларусі. «Нельга рабіць выгляд, што там не збіваюць людзей. Нельга рабіць выгляд, што не бачым, што там няма дэмакратыі. Мы павінныя ўжываць адназначныя крытэры для ацэнкі дзейнасці ўлады і мець мужнасць дапамагаць беларусам на шляху да дэмакратыі і свабоды», - заявіў ён, перадае wp.pl.
Польшча першая з краін ЕЗ увяла санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады ў адказ на разгон дэманстрацыі апазіцыі 19 снежня 2010 г. Адначасова Польшча заявіла аб павелічэнні фінансавай дапамогі на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі, адмяніла консульскі збор за выдачу нацыянальнай польскай візы для грамадзян Беларусі.