Офіс Кэтрын Эштан: Змякчэнне абвінавачванняў не паўплывала на пазіцыю ЕЗ
- 31.03.2011, 13:03
Змякчэнне абвінавачванняў шэрагу фігурантаў па справе аб «масавых беспарадках» не паўплывала на пазіцыю Еўразвяза.
Аб гэтым БелаПАН паведаміла Мая Кочыянчыч, прэс-сакратарка вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
Яна нагадала аб патрабаванні ЕЗ да беларускіх уладаў «аб неадкладным і безумоўным вызваленні і рэабілітацыі ўсіх, хто быў затрыманы па палітычных матывах».
Па ейных словах, у залежнасці ад развіцця сітуацыі ў Беларусі ЕЗ «гатовы разгледзець новыя адрасныя меры ва ўсіх галінах супрацоўніцтва».
Часовы павераны ў справах ЕЗ у Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель 30 сакавіка сказаў БелаПАН: «Калі абвінавачванні сталі больш мяккімі, то гэта добрая навіна». Разам з тым ён таксама запатрабаваў вызвалення і рэабілітацыі абвінавачаных па палітычных матывах.