BE RU EN

Філарэт адмовіў у сустрэчы Тацяне Севярынец

  • 31.03.2011, 18:35

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт адмовіў у сустрэчы Тацяне Яўгенаўне Севярынец, маці палітычнага вязня Паўла Севярынца.

У той самы момант ён дабраславіў епіскапа Барысаўскага, вікарыя Менскай епархіі Веніяміна на гэтую сустрэчу, якая мае адбыцца а 18:00 31 сакавіка, паведамляе прэс-служба БХД.

Як паведаміла Тацяна Яўгенаўна, падчас гуаркі яна зьбіраецца закрануць пытаньне сустрэчы са сьвятаром ня толькі яе сына, але і ўсіх вязьняў СІЗА КДБ, бо на дадзены момант паміж Праваслаўнай Царквой і КДБ дамова аб магчымасьці споведзі зьняволеных у СІЗА не падпісаная.

Гэтае ж пытаньне раніцай 31 сакавіка Тацяна Севярынец уздымала падчас сустрэчы з прадстаўніком генпракуратуры Пустушалам, які курыруе КДБ. "Учора я зноў падала заяву на магчымасьць сустрэчы Паўла са сьвятаром, бо пункт 102 артыкулу 10 правілаў унутранага распарадку СІЗА КДБ гэта дазваляе", - адзначыла яна.

Таксама маці сустаршыні БХД распавяла аб сваёй сустрэчы з адвакатам сына, паводле словаў якога, Павал выглядае і трымаецца добра, перадае ўсім падзякі і віншаваньні. "У сваіх лістах ён да таго ж жадае ўсім працаваць і не здавацца, трымацца", - падкрэсьліла Тацяна Яўгенаўна.

Апошнія навіны