BE RU EN

БХК судзіцца з Мінюстам

  • 9.03.2011, 13:22

9 сакавіка ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд скаргі рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) на папярэджанне Міністэрства юстыцыі.

Працэс вядзе суддзя Галіна Жукоўская.

Пісьмовае папярэджанне Мінюста было вынесенае БХК 12 студзеня, пасля таго як праваабаронцы праінфармавалі спецдакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэль Кнауль аб фактах ціску ўладаў на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня, нагадвае БелаПАН.

Акрамя таго, у лісце паведамлялася аб ануляванні ліцэнзіі адвакаткі Валянціны Бусько, затрыманай на плошчы Незалежнасці ў Менску 19 снежня. БХК таксама праінфармаваў спецдакладчыка ААН аб тым, што ў дачыненні да Міхаіла Воўчака, былога адваката следчага Генеральнай пракуратуры Святланы Байковай, узбуджаная крымінальная справа за разгалошванне матэрыялаў следства.

Мінюст запатрабаваў тэкст дадзенага ліста і вынес БХК пісьмовае папярэджаньне «за парушэнне заканадаўства аб грамадскіх аб'яднаннях, сродках масавай інфармацыі, распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі рэспублікі, уласны Статут арганізацыі».

Інфармацыю, якая змяшчаецца ў лісце БХК, Мінюст расцаніў як «інфармацыю, якая неаб'ектыўна адлюстроўвае работу дзяржаўных і праваахоўных органаў па падтрыманні ў рэспубліцы стабільнасці і правапарадка, наўмысна скажае рэальную абстаноўку ў краіне, спробу дыскрэдытаваць Беларусь у вачах сусветнай грамадскасці».

На думку Мінюста, «адвакатура не можа знаходзіцца па-за сферай дзяржаўнага увагі», паколькі «прафесійная абарона ў крымінальным працэсе і грамадзянскае прадстаўніцтва з'яўляюцца складовымі часткамі правасуддзя».

Варта адзначыць, што Беларускі Хельсінкскі камітэт - адзіная афіцыйна зарэгістраваная праваабарончая арганізацыя, што засталася ў Беларусі.

Апошнія навіны