Беларусь развіталася з першымі ахвярамі тэракту
- 13.04.2011, 21:47
Развітанне з першымі ахвярамі тэракту ў мtнскім метро прайшло на могілках Калодзішчы ў прыгарадзе Мtнска ў сераду.
Выбух на станцыі "Кастрычніцкая" менскага метро адбыўся ўвечары 11 красавіка, у гадзіну пік. Загінулі 12 чалавек, раненні атрымалі больш за 190. Бомба магутнасцю 5-7 кілаграмаў трацілу, начыненая паражаючымі элементамі, была пакінутая пад лавай.
На пахаванне Галіны Пікулік і Анатоля Наркевіча прыйшлі родныя і блізкія, а таксама яшчэ некалькі дзесяткаў жыхароў беларускай сталіцы. Пікулік і Наркевіча пахавалі побач у адной магіле - пара жыла ў грамадзянскім шлюбе.
Як распавялі карэспандэнту РІА "Новости" сваякі загінулых, у той трагічны дзень Наркевіч ехаў з падарункам у госці да дачкі, якой споўнілася 17 гадоў.
Развітанне у гарадскім рытуальным зале сабрало яшчэ больш людзей, якія прыйшлі развітацца з загінулымі.
Пахаванні прайшлі пры ўдзеле ганаровай варты і аркестру УУС Менска, за труной неслі лунаючы дзяржаўны сцяг Беларусі з жалобнай стужкай. Труны былі апушчаныя ў магілу пад гукі трохразовага аўтаматнага салюту і гімна Беларусі. Вялікая колькасць вянкоў і кветак лягла на магілу ахвяраў тэракту пасля журботных словаў развітання і прабачэння.
Усе выдаткі па арганізацыі і правядзенні пахавання ўзяў на сябе Менскі гарвыканкам.
Баранавічы праводзілі ў апошні шлях Вольгу Салаўёву
Больш за сотню людзей - родныя і блізкія, калегі і сябры, улады горада ўшанавалі памяць загінулай ў менскім метрапалітэне 27-гадовай нараджэнкі Баранавічаў Вольгі Салаўёвай, піша Intex-press.
Мама Вольгі Салаўёвай і ейныя сяброўкі ў Менску да апошняга не верылі, што яна загінула - дзяўчыну ў спісе ахвяр запісалі першай, вось толькі імя па бацьку пераблыталі. Толькі ў аўторак, 12 красавіка, маці Вольгі апазнала сярод загінулых сваю дачку. Адзіную і любую...
Добрая вучаніца, выдатны спецыяліст і калега, клапатлівая дачка і ўцеха для маці. Ніхто да гэтага часу не можа паверыць, што Вольгі няма.
"Яна з намі, яна ў нашай памяці, у нашых сэрцах, і мы ніколі яе не забудзем", - пра гэта са слязамі на вачах казалі і тыя, хто калісьці вучыў Вольгу ў школе, і тыя, хто разам з ёй вучыўся і працаваў.