Ажубаліс: Беларускім уладам людзі, мякка кажучы, не важныя
- 28.04.2011, 13:35
Кіраўнік МЗС Літвы выказаўся супраць будаўніцтва Беларускай АЭС.
У інтэрв'ю парталу delfi.lt міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што ключавое адрозненне праектаў атамных станцый у Еўразвязе ад планаванай да будаўніцтва ў Беларусі ў тым, што яны «ўзгодненыя ўсімі бакамі», піша БелаПАН.
Вільня «не супраць» планаў Беларусі, але не згодная, што АЭС будуць будаваць побач з густанаселенымі тэрыторыямі і «з грубымі парушэннямі Канвенцыі Эспа і Канвенцыі аб ядзернай бяспецы». Па словах Ажубаліса, беларусам "людзі, мякка кажучы, не важныя».
«Ключавыя правамерныя пытанні Літвы адносна адзнакі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе альбо застаюцца без адказу, альбо на іх даецца няпоўны адказ. Гэта найчыстая імітацыя, якая падтрымліваецца і прапагандысцкай інфармацыйнай кампаніяй, што нібыта на ўсе пытанні Літвы дадзены адказы і Літву гэтыя адказы задавальняюць», - сказаў Ажубаліс.
Міністр падкрэсліў, што пры будаўніцтве будуць выкарыстоўвацца эксперыментальныя атамныя рэактары, а пляцоўка ў Астраўцы не атрымала ацэнкі экспертаў МАГАТЭ.
У сваю чаргу праект Літвы, Вісагінская электрастанцыя, якую плануецца пабудаваць на працягу 10 гадоў, «па меркаванні экспертаў, лепшы на сённяшні дзень праект АЭС у Еўропе», сказаў кіраўнік літоўскага МЗС.