BE RU EN

Мінюст ўзяўся за пасведчанні Міжнароднай федэрацыі журналістаў

  • 5.04.2011, 13:18

Мінюст хоча, каб ГА «БАЖ» патлумачыла, «якія прававыя падставы для дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мае IFJ», і на якой падставе БАЖ выдае пасведчанні гэтай арганізацыі.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце ад 1 красавіка за подпісам начальніка Упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый міністэрства А. Кірычэнкі.

Зварот звязаны з нядаўнім затрыманнем у Гомелі сябра арганізацыі Алега Ражкова, у якога праваахоўныя органы забралі «для праверкі на сапраўднасць» пасведчанні БАЖ і МФЖ. 30 сакавіка пасведчанні журналісту вярнулі, але міжнароднай прэс-картай, як бачым, зацікавіўся Мінюст.

«Упершыню пытанне пра пасведчанне МФЖ паўстала ў часе слуханняў у Вярхоўным судзе з нагоды папярэджання БАЖ у 2010 годзе, — узгадвае намеснік старшыні ГА „БАЖ“ Андрэй Аляксандраў. — Прадстаўнік Мінюсту заявіў, што гэта прэс-карты не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі. Тады ж, нагадаем, і БАЖаўскія пасведчанні з надпісам „Прэса“ былі прызнаныя незаконнымі… Чарговая хваля праверак журналісцкіх пасведчанняў — гэта працяг даўняй палітыкі беларускіх уладаў, скіраванай на тое, каб не даць незалежным СМІ выконваць сваю працу і абмяжоўваць права грамадзян на свабодны распаўсюд і атрыманне інфармацыі».

«Я б хацеў нагадаць, што Венецыянская камісія, асацыяваным сябрам якой з’яўляецца і Беларусь, падрыхтавала афіцыйнае заключэнне з нагоды папярэджання БАЖ, — падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Камісія палічыла, што настойлівая заклапочанасць Мінюсту сяброўскімі пасведчаннямі парушае адразу некалькі артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (ЕКПЧ). Як бачым, Мінюст проста не зважае на заключэнне гэтага органа…»

Апошнія навіны