BE RU EN

Суд вырашыў выселіць Партыю БНФ з офісу

  • 10.05.2011, 16:41

10 мая гаспадарчы суд Менска прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ са сталічнага офіса па праспекце Машэрава, 8.

Гэта памяшканне арандавалася арганізацыямі з 1992 года, піша БелаПАН.

З пазовам аб высяленні структур Партыі БНФ выступіла ЖРЭА Савецкага раёна Менска. У судзе ягоная прадстаўніца патлумачыла нежаданне працягваць арэнду офіса неабходнасцю ягонага далейшага выкарыстання «дзеля ўласных патрэбаў». «Офіс ідэальна падыходзіць для размяшчэння нашых уласных службаў», - сказала яна.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў паведаміў БелаПАН аб намеры абскардзіць рашэнне гаспадарчага суда. На ягоную думку, верагоднасць страты офіса вельмі вялікая. «Мы прапрацоўваем розныя варыянты выхаду з сітуацыі, аднак цяпер усё ж сканцэнтраваныя на магчымасці абараніць права на арэнду офіса ў судовым парадку», - сказаў Кастусёў.

Тэрмін арэнды памяшкання па праспекце Машэрава, 8, у якім знаходзяцца офісы Партыі БНФ, ГА «БНФ «Адраджэньне», а таксама некалькі іхніх арганізацыйных структур, завяршыўся 31 сакавіка.

3 мая 100 дзеячоў навукі, культуры, мастацтва, праваабаронцаў, журналістаў падпісалі зварот да грамадскасці, старшыні Менгарвыканкама Мікалая Ладуцькі і в.а. начальніка ЖРЭА Савецкага раёна Алега Самуйліка з заклікам абараніць офіс Партыі БНФ.

Пытанне з офісам «выходзіць за межы спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў», падкрэслівалася ў звароце. «З высяленнем офіса ЖРЭА ліквідуе своеасаблівую выспу беларускасці, на якой ішла актыўная грамадская і культурная дзейнасць..., дзе фарміруецца грамадзянская супольнасць Беларусі», - падкрэслівалі аўтары звароту.

4 мая гаспадарчы суд Менска адмовіў ГА «БНФ «Адраджэньне» і Партыі БНФ у пазове да ЖРЭА Савецкага раёна сталіцы адносна падаўжэння арэнды офіса.

Апошнія навіны