КДБ «накрыў» партыю падслухоўваючых прыладаў з Расеі
- 14.05.2011, 10:53
Супрацоўнікамі КДБ затрыманыя трое менчукоў, якія арганізавалі пастаўку з Расеі малагабарытных відэа- і аўдыё запісваючых прылад, закмуфляваных пад бытавыя прадметы.
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у Цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў (ЦІГС) КДБ.
«Канфіскаваныя падчас ператрусу больш за 50 адзінак відэа- і аўдыё запісваючай апаратуры, а таксама радыёперадаючыя прылады, якія прызначаліся для незаконнага збору інфармацыі аб прыватным жыцці беларусаў пасродкам схаванага вядзення відэа- і аўдыё запісаў», - адзначылі ў КДБ.
У ЦІГС праінфармавалі, што ў дачыненні да менскіх прадпрымальнікаў, якія падазраюцца ў незаконным распаўсюдзе тэхнічных сродкаў, узбуджаная крымінальная справа па ст.376 КК Беларусі - «Незаконны выраб, набыццё альбо збыт сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі».