BE RU EN

Павышаныя тарыфы на чыгуначныя перавозкі

  • 24.05.2011, 15:24

Начальнік аддзела пасажырскай службы Беларускай чыгункі Уладзімір Столяр паведаміў, што з 25 мая павышаюцца тарыфы на міжнародныя чыгуначныя перавозкі.

Па ягоных словах, тарыфы на цягнікі ў краіны СНД і Балтыі «павысяцца адэкватна павышэнню курса швейцарскага франка, у заходнім кірунку - адэкватна змене курсу еўра». Пры гэтым ён адзначыў, што тарыфы на ўнутрырэспубліканскія перавозкі не змяняюцца, паведамляе БелаПАН.

Па словах Столяра, з краінамі СНД і Балтыі падпісанае пагадненне аб міждзяржаўных чыгуначных тарыфах. Згодна з гэтым дакументам кожная чыгуначная адміністрацыя краіны мае права самастойна ўсталёўваць каэфіцыенты да тарыфаў на квіткі і плацкарт.

95% аб'ёму пасажырскіх перавозак з Беларусі прыпадае на шляхі зносінаў з Расеяй і Украінай. Па словах спецыяліста, з гэтымі краінамі прымяняецца гнуткая сістэма рэгулявання тарыфаў па перыядах года. Пры ўзрастанні аб'ёмаў пасажыраплыні тарыфы ўзрастаюць, пры зніжэнні - падаюць. «Мы праводзім палітыку парытэту, гэта значыць, якія каэфіцыенты Расея і Украіна ўсталёўваюць па сваіх тэрыторыях, такія ж каэфіцыенты ўсьалёўваюцца для грамадзян іншых дзяржаваў па тэрыторыі Беларусі», - сказаў Столяр.

Апошнія навіны