BE RU EN

Сто грамадскіх дзеячоў заклікалі абараніць офіс Партыі БНФ

  • 3.05.2011, 18:07

100 дзеячоў навукі, культуры, мастацтва падпісалі зварот да грамадскасці, старшыні Менгарвыканкама і начальніка ЖРЭА Савецкага раёна з заклікам абараніць офіс Партыі БНФ.

«Офіс на Машэрава, 8 - асаблівае месца ў найноўшай гісторыі Беларусі. З 1992 года яго арандуе Беларускі Народны Фронт, але так здарылася, што цяпер гэты офіс мае значэнне не для асобнай партыі, а для цэлага грамадства», - адзначаецца ў звароце.

Аўтары падкрэсліваюць, што пытанне з офісам «выходзіць за межы спрэчкі гаспадарчых суб'ектаў». «З высяленнем офіса ЖРЭА ліквідуе своеасаблівую выспу беларускасці, на якой ішла актыўная грамадская і культурная дзейнасць..., дзе фарміруецца грамадзянская супольнасць Беларусі», - падкрэсліваюць яны.

Офіс трэба абараніць «не дзеля палітыкі», а «дзеля культуры, дзеля мовы».

Падпісанты просяць чыноўнікаў «пакінуць офіс па ранейшым адрасе». «Беспадстаўна скасаваць арэнду - гэта значыць нанесці крыўду многім людзям, стварыць падставу для грамадскага пратэсту», - перакананыя яны.

Аўтары заклікаюць таварыства далучыцца да абароны офіса, «несці вахту салідарнасці».

Зварот, змешчаны на сайце газеты «Наша ніва», падпісалі акадэмік Радзім Гарэцкі, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, спевакі Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, паэт, дыпламат Генадзь Бураўкін, мастакі Алесь Марачкін, Алесь Пушкін, выдавец Ігар Логвінаў, культуролаг Максім Жбанкоў і іншыя.

4 мая ў гаспадарчым судзе Менска будзе разгледжаны пазоў Партыі БНФ да ЖРЭА Савецкага раёна. Заяўнікі лічаць беспадстаўным рашэнне камунальнікаў не падаўжаць тэрмін арэнды памяшкання па пр. Машэрава, 8 (былая вул. Варвашэні), які скончыўся 31 сакавіка, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны