Сяргея Андросенку білі, пакуль ён не сказаў, што не мае ніякіх прэтэнзіяў да супрацоўнікаў міліцыі
- 16.06.2011, 8:45
Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе падрабязнасці ўчорашніх прэвентыўных затрыманняў у Менску.
У Менску на пешаходнай частцы каля Палаца прафсаюзаў каля 19-40 затрыманыя трое грамадзянаў: Андросенка Сяргей Андрэевіч, старшыня Праваабарончага праекта «ГейБеларусь» і двое маладых людзей, чые прозвішчы невядомыя. Затрыманні адбываліся падчас таго, як група спецназаўцаў пачатла выцясняць натоўп з пляцоўкі каля Палаца прафсаюзаў у бок Плошчы Перамогі. Супраць аднаго з маладых людзей была ўжытая фізічная сіла з боку людзей у цывільным, яго схапілі за рукі і за ногі і працягнулі па зямлі. Адзін з маладых людзей перад затрыманнем здзяйсняў фотаздымку ланцуга спецназаўцаў на мабільны тэлефон, падчас чаго да яго падбег чалавек у цывільным і адцягнуў ў аўтазак. Андросенка таксама быў затрыманы людзьмі ў цывільным.
У 22-15 Андросенка Сяргей быў адпушчаны з Ленінскага РУУС без складання пратаколу. Па ягоных словах, у міліцэйскім аўтобусе ён быў збіты супрацоўнікамі спецназа. Пасля дастаўкі ў РУУС яго адвялі ў асобны пакой, пыталіся, адкуль на твары сляды пабояў. Пасля адказу, што ён быў збіты спецназаўцамі, супрацоўнікі РУУС самі пачалі збіццё маладога чалавека і працягвалі да таго часу, пакуль ён не пагадзіўся з тым, што яго ніхто не біў і да супрацоўнікаў міліцыі прэтэнзій не мае
Па дадзеных «Нашай Нівы», у РУУС Цэнтральнага раёна Менска таксама былі дастаўленыя 18 затрыманых.