Сайт МУС развязвае грамадзянскую вайну
- 21.06.2011, 11:47
Беларускіх грамадзянаў, якія хочуць пераменаў, на сайце МУС назвалі «шакаламі» і «пачварамі».
Афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных справаў стаў друкаваць так званыя лісты чытачоў. Вельмі цікавы ліст быў змешчаны на старонцы МУС 17 чэрвеня, паведамляе «Наша Ніва».
Цяжка сказаць, гэта зварот ад сапраўднага жыхара Латвіі Уладзіміра Тарасенкі, альбо фейк. Аўтар ліста перасцерагае сённяшніх міліцыянтаў, што ў выпадку змены ўлады яны нікому не будуць патрэбныя. Ён прыводзіць прыклад Латвіі, дзе многія міліцэйскія начальнікі падтрымалі змены ў краіне, з надзеяй, што застануцца ва ўладзе.
«Пакуль яны былі патрэбныя, іх выкарыстоўвалі на пэўным этапе, а потым усіх, абсалютна ўсіх, звольнілі пад рознымі падставамі, нягледзячы ні на якія заслугі і на якія там вышэйшыя акадэміі і курсы ў Маскве. Таму ніхто з прафесіяналаў не спатрэбіцца (у выпадку «пераменаў») - паставяць на ключавыя пасады паўсюль сваіх людзей без адукацыі. Так што, паважаныя сябры, змагайцеся да канца за нашу любімую Беларусь і адначасова за сябе», - піша аўтар ліста.
Уражвае таксама блатны жаргон гэтага ліста. Тым не менш, ён даецца без прыкрас. Вось некаторыя цытаты.
«Шмат шакалаў развялося ў Беларусі, рвуцца да ўлады вырадкі. Больш жорстка з імі, асабліва надавайце увагі тым, хто працуе «пад дурня». Гэта яны ўсё прыкідваюцца, яны дурні ў свой бок, ясны перац губа не дура, ведаюць, як на шару праскочыць на чужым гарбу. Ну і, вядома, асаблівая ўвага арганізатарам - гэта наогул сапраўдныя пачвары».