BE RU EN

Партыю БНФ канчаткова высяляюць з офіса

  • 21.06.2011, 14:11

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на пасяджэнні калегіі заявіў, што калегія гаспадарчага суду Менску 21 чэрвеня адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі Партыі БНФ на рашэнне па пазове ЖРЭА аб высяленні партыі з офіса.

Такім чынам, рашэнне суда аб высяленні ўступіла ў сілу, і зараз ад партыі на законных падставах могуць патрабаваць вызваліць офіс, перадае БелаПАН.

Аляксей Янукевіч лічыць законным знаходжанне партыі ў офісе, які арандуюцца ў ЖРЭА. Ён выказаў жаданне абмеркаваць новыя ўмовы арэнды офіса, у тым ліку аб павышэнні яе кошту, аднак прадстаўніца ЖРЭА ад перамоваў адмовілася.

Намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў паведаміў, што выпрацоўвалася дзевяць варыянтаў арэнды новых памяшканняў. «Спачатку прадпрымальнікі мелі зносіны з намі нармальна, выказвалі гатовасць прадаставіць у арэнду памяшканні. Аднак калі справа даходзіла да афармлення дакумента, гучалі адмовы. Таксама было некалькі варыянтаў набыцця памяшкання, аднак і яны да станоўчага выніку не прывялі», - сказаў ён.

Нагадаем, гаспадарчы суд Менска 10 мая прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ, грамадскае аб'яднанне «БНФ «Адраджэньне», а таксама іхнія менскія гарадскія і абласныя структуры са сталічнага офіса па праспекце Машэрава, 8. Гэтае памяшканне арандавалася арганізацыямі з 1992 года. Тэрмін арэнды мінуў 31 сакавіка 2011 года.

Апошнія навіны