Спадар Васілевіч, гэта вы нам?
- 27.06.2011, 2:46
Генпракурор Беларусі спадзяецца прыцягнуць да адказнасці ўладальнікаў беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў, якія знаходзяцца за мяжой.
Аб гэтым Рыгор Васілевіч заявіў у інтэрв'ю газеце «Звязда» з нагоды Дня работнікаў пракуратуры.
Адказваючы на пытанне аб мерах, якія будуць прынятыя «па навядзенні парадку ў Інтэрнэце", спадар Васілевіч заявіў наступнае:
«Трэба забяспечыць, каб публікацыі ў Інтэрнэце адпавядалі тым патрабаванням, якія прад'яўляюцца да публікацый ў іншых СМІ. Я лічу, што той, хто валодае інтэрнэт-рэсурсамі, павінен адказваць за інфармацыю, якая мае абразлівы і паклёпніцкі характар, наносіць шкоду адносінам паміж краінамі. На шляху прыцягнення такіх людзей да адказнасці мугут узнікнуць пэўныя цяжкасці, бо часта яны знаходзяцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь. У перспектыве, я лічу, будуць прынятыя нейкія міжнародныя дамовы на гэты конт. Што тычыцца юрыдычнай адказнасці фізічнай асобы за паклёп ці абразу ў Інтэрнэце, то яна прадугледжаная Крымінальным кодэксам. Але на практыцы такія справы судамі разглядаюцца даволі рэдка. Цяпер, напрыклад, у Ленінскім судзе Гродна разглядаецца справа ў дачыненні да карэспандэнта польскай газеты Анджэя Пачобута. Журналісту прад'яўленае абвінавачванне ў тым, што ягоныя публікацыі носяць абразлівы, паклёпніцкі характар. У залежнасці ад таго, ці будзе пацверджаная віна ці не, і можна будзе меркаваць аб тым, як фарміруецца нашая судовая практыка».