МНС пацвердзіў затапленне рудніка на «Беларуськаліі»
- 29.06.2011, 11:31
На самім прадпрыемстве буйную аварыю пакуль замоўчваюць.
«Падтапленне адбылося некалькі дзён таму, але якая там сітуацыя ў цяперашні час, у МНС невядома: нашыя сілы туды не прыцягваліся», - паведаміў інфармагенцтву афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.
«Беларуськалій» адольвае няштатную сітуацыю сваімі сіламі, - падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.
Навіцкі таксама паведаміў, што ў выніку падтаплення ніхто з працаўнікоў «Беларуськалія» не пацярпеў. «Пацярпелых і загінулых няма», - сказаў ён.
У адміністрацыі ААТ «Беларуськалій» афіцыйна пакуль не пацвердзілі, але і не абверглі факт падтаплення аднаго з руднікоў.
Між тым, як паведамляў сайт charter97.org, падтапленне адбылося ў ноч з 23-га на 24 чэрвеня на другім рудаўпраўленні прадпрыемства. На трэцім гарызонце шахты рабочыя выявілі ў пародзе паражніну, напоўненую вадой, адбылася разгерметызацыя натуральнага рэзервуара.
Паступленне вады працягваецца і ў цяперашні час. У гадзіну з рэзервуара ў шахту паступае каля 70 куб.м. вады. Існуе небяспека поўнага спынення здабычы ў рудніку, калі ваду не атрымаецца адпампаваць.
У цяперашні час ААТ «Беларуськалій», які функцыянуе на базе Старобінскага радовішча калійных соляў, мае ў сваім складзе чатыры рудаўпраўленні, а таксама дапаможныя і абслугоўваючыя падпаддзяленні. У маі 2009 года ўведзены ў эксплуатацыю Чырвонаслабодскі руднік. У снежні 2006 года пачата будаўніцтва шостага - Бярозаўскага - рудніка.
Раней аналагічная аварыя адбылася ў Расеі, на шахце ААТ «Уралкалій». З-за распачатага падтаплення на «Уралкаліі» было закрытае адно з аварыйных рудаўпраўленняў, якое, па дадзеных прадпрыемства, забяспечвала каля 27% аб'ёмаў здабычы калійнай солі.