Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў FIBA
- 20.07.2011, 16:46
Інцыдэнт c выдаленнем беларускага нацыянальнага сцяга адбыўся на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе сярод жанчын у польскім Быдгошчы.
У звароце Хельсінкскага камітэта, накіраваным на адрас кіраўніка Міжнароднай баскетбольнай федэрацыі, гаворыцца, што выдаліўшы сцяг з трыбун функцыянеры гэтай арганізацыі парушылі свабоду выказвання поглядаў. Праваабаронцы таксама падкрэсліваюць, што статут FIBA не прадугледжвае ніякага ўмяшання ў сімволіку балельшчыкаў. Ён тычыцца толькі афіцыйных сцягоў, якія выкарыстоўваюцца на чэмпіянатах і спаборніцтвах, паведамляе польскі інфармацыйны канал TVN24.
Нагадаем, што інцыдэнт са сцягам адбыўся 25 чэрвеня на матчы чэмпіянату Еўропы па баскетболе сярод жанчын у польскім Быдгошчы. Беларускі тады гулялі з літоўкамі. Служба аховы стадыёна, на якім праходзіла гульня, не дазволіла групе беларускіх заўзятараў разгарнуць бел-чырвона-белы сцяг і даволі груба выдаліла беларусаў са стадыёна. Ахоўнікі спаслаліся на тое, што Міжнародная федэрацыя баскетбола супраць таго, каб за нашую каманду заўзелі пад неафіцыйнай сімволікай.
Пазней улады Быдгошча прынеслі прабачэнні беларусам. Міжнародная федэрацыя баскетбола, якая выступала арганізатарам матчу, гэтага не зрабіла.