BE RU EN

БНФ прымусова высяляюць з офіса

  • 22.07.2011, 16:02

Партыя БНФ атрымала афіцыйнае апавяшчэнне суда аб прымусовым высяленні з займанага офіса 26 ліпеня.

Аб гэтым паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

«Мы атрымалі паведамленне, што 26 у 10 раніцы адбудзецца прымусовае высяленне ўсіх нашых структур з офіса. У паведамленні ўтрымліваецца распараджэнне начальніка міліцыі Савецкага раёна забяспечыць прымусовае высяленне», - распавёў Р. Кастусёў.

Намеснік старшыні БНФ паведаміў, што напярэдадні ўвечары адбудзецца інфармацыйна-культурны вечар «развітання» з офісам, і паабяцаў уладам «невялікі сюрпрыз». Гаворачы аб тым, ці будзе партыя пратэставаць супраць высялення, абараняць офіс, як планавала раней, Р. Кастусёў адзначыў, што «прапануюцца розныя варыянты». «Галоўнае, мы ўжо атрымалі маральную перамогу, мы прымусілі ўрад праявіць сваю антынародную сутнасць», - сказаў палітык.

Намеснік старшыні партыі БНФ паведаміў, што партыя ўжо мае «запасны варыянт», аднак не ўдакладніў, дзе менавіта можа размяшчацца офіс у будучыні, «каб не сурочыць».

Камунальныя службы Савецкага раёна Менску запатрабавалі праз суд высялення партыі з арандаванага офіса на падставе сістэматычных пратэрміновак плацяжоў. У БНФ сцвярджаюць, што гэтыя абвінавачванні безгрунтоўныя і ў апошнія гады партыя спраўна аплочвае камунальныя паслугі. Тэрмін арэнды офіса скончыўся ў сакавіку бягучага года, аднак новая дамова арэнды, насуперак абяцанням ЖРЭА, заключаная не была.

Апошнія навіны