Саакашвілі - адвакат дыктатара
- 22.07.2011, 16:03
Сёння ў Батумі прайшла міжнародная канферэнцыя «Еўрапейскі шлях Грузіі», дзе выступіў прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.
Як паведамляюць у прэс-службе адміністрацыі кіраўніка Грузіі, у сваім выступе прэзідэнт асаблівую ўвагу надаў Беларусі. Па словах Міхаіла Саакашвілі, неабходна, каб міжнародная супольнасць і арганізацыі вялі актыўны дыялог з дадзенай дзяржавай, каб гэтая краіна не апынулася ў ізаляцыі і яе развіццё ажыццяўлялася ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, перадае «Грузия Онлайн».
«Мы дзелімся сваім досведам, атрыманым шляхам ажыццяўлення рэформаў, з Малдовай, Украінай, гутарым з Беларуссю. Дыялог з Менскам неабходны, бо часам людзі, якія спрабуюць ізаляваць Беларусь, не жадаюць, каб тыя ж стандарты былі выкарыстаныя і ў іншых, у значна больш буйных суседскіх краінах. Калі мне хто-небудзь скажа, што Расея больш дэмакратычная за Беларусь, то калі ласка, хай думае так - Беларусь не ажыццяўляе акупацыю суседніх краін, і калі яна будзе ізаляваная, то гэта азначае, што апынецца ў руках расейскай адміністрацыі. Гэта еўрапейскі выбар? Неабходны дыялог і адносіны, новыя ініцыятывы. Такія нашы погляды», - адзначыў прэзідэнт Грузіі.