На аўтобус з футбалістамі «Белшыны» напала група невядомых
- 26.07.2011, 15:40
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 25 ліпеня, калі футбалісты бабруйскага клуба «Белшына» вярталіся з Менска.
Пасля чарговага матчу вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе на іхні аўтобус напала група невядомых.
Тыя, хто нападаў, а іх было каля 50 чалавек, атачылі аўтобус каманды, які стаяў на стаянцы каля крамы ProStore ў Шабанах. Яны стукалі па аўтобусе і спрабавалі патрапіць унутр, паведамляе «Бабруйскі кур'ер».
Напады працягнуліся і ў дарозе. Невядомыя на аўтамабілях пераследвалі аўтобус да павароту на Магілёўскай шашы, спрабавалі прыціснуць да абочыны і перагарадзіць дарогу. На шчасце, ніхто не пацярпеў.