У Беларусі няма грошай на Алімпіяду
- 27.07.2011, 16:47
У эканамічнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, Нацыянальны Алімпійскі камітэт разлічвае толькі на дапамогу спонсараў.
Пра гэта 27 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла кіраўніцтва арганізацыі. «Без спонсараў мы б не справіліся», - сказаў віцэ-прэзідэнт НАК Сяргей Цяцерын.
«Сітуацыя ва ўсім свеце няпростая, мы таксама ў складаных эканамічных умовах. Задачы, пастаўленыя перад намі, вельмі складаныя і амбіцыйныя. Таму мы разлічваем на дапамогу спонсараў», - дадаў першы віцэ-прэзідэнт камітэта Ігар Заічкоў, перадае «Тэлеграф».
Адміністрацыя НАК таксама прадставіла свой новы сайт, які плануе запусціць 1 жніўня. Як паведаміла начальніца аддзела па інфармацыйна-аналітычным і арганізацыйным забеспячэнні Вольга Чырэц, інфармацыя на ім будзе размяшчацца на расейскай і ангельскай мовах. Беларускую ж версію не распрацоўвалі.
«Мы думалі пра беларускую версію. Але тут у нас ёсць некаторыя тэхнічныя і фінансавыя пытанні. Я думаю, гэта пытанне нядоўгага часу», - адзначыў Ігар Заічкоў.