BE RU EN

Літва павялічыла колькасць выдадзеных беларусам візаў на 59%

  • 29.07.2011, 10:03

Колькасць літоўскіх візаў, выдадзеных грамадзянам Беларусі ў першым паўгоддзі 2011 года, вырасла на 59% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага.

Пра гэта паведаміў дырэктар консульскага дэпартамента МЗС Літвы Вітаўтас Пінкус на пасяджэнні міжведамаснай працоўнай групы ў Паланзе 27 ліпеня, паведамляе БелаПАН і прэс-служба літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

Па словах Пінкуса, колькасць выдаваемых візаў большай часткай супадае з плынямі турыстаў. «Амбасада Літвы ў Менску і генеральны кансулят ў Гродне за 2010 год выдалі больш за 107 тысяч візаў, а толькі за першае паўгоддзе гэтага года - 77 тысяч візаў», - паведамляе прэс-служба. У прыватнасці, у чэрвені бягучага года ў літоўскіх прадстаўніцтвах у Беларусі было выдадзена візаў на 48% больш у параўнанні з чэрвенем мінулага.

Міжведамасная працоўная група ўтвораная ў Літве указам міністра замежных справаў Аўдронюса Ажубаліса і дзейнічае з кастрычніка 2010 года. Ейная мэта - абмеркаванне з партнёрамі з дзяржустановаў і бізнес-колаў пытанняў, звязаных з удасканаленнем працэдураў выдачы візаў замежным турыстам.

Апошнія навіны