Адвакаты палітвязняў будуць змагацца за свае правы
- 1.08.2011, 12:35
Адвакаткі Ганна Бахціна і Дар'я Ліпкіна, якія не прайшлі ініцыяваную Міністэрствам юстыцыі Беларусі пазачарговую атэстацыю, маюць намер адстойваць сваё права на прафесійную дзейнасць.
Ганна Бахціна, якая бараніла Ірыну Халіп, паведаміла БелаПАН, што зрабіла пісьмовую заяву ў атэстацыйную камісію, у якой абвясціла аб сваім намеры абскардзіць ейнае рашэнне. Адвакатка чакае палажэнне аб абскарджанні, якое ёй пакуль не даецца. «Ад сваіх планаў, ад сваіх жаданняў абараняць сябе саму я не адмаўляюся, і буду рабіць гэта ў поўнай меры», - заявіла Бахціна.
Дар'я Ліпкіна, якая абараняла фігуранта крымінальнай справы аб так званых масавых беспарадках Мікіту Ліхавіда, таксама заявіла, што не згодная з рашэннем атэстацыйнай камісіі. Нягледзячы на тое, што Ліпкіна не прайшла камісію, яна працягвае сваю дзейнасць. «Атэстацыйная камісія не мае права што-небудзь вырашаць з нагоды спынення паўнамоцтваў альбо працягу дзейнасці», - патлумачыла адвакатка. Паводле працэдуры матэрыялы працы атэстацыйнай камісіі перадаюцца ў кваліфікацыйную камісію, якая на іх падставе павінная прымаць якія-небудзь рашэнні. Гэтыя рашэння можна абскардзіць у судовым парадку. «Якое рашэнне будзе з маёй нагоды, я не ведаю, але з адмоўным рашэннем, безумоўна, не пагаджуся», - сказала Ліпкіна.
Рашэнне аб пазачарговай атэстацыі адвакатаў з 15 чэрвеня па 15 верасня Мінюст прыняў у маі «ў мэтах павышэння адказнасці адвакатаў за выкананне дзяржаўных функцый па забеспячэнні правоў і свабод фізічных і юрыдычных асоб, якаснага выканання прафесійных абавязкаў па аказанню кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі».
Пасяджэнне атэстацыйнай камісіі, на якім абмяркоўвалася пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзій Ганны Бахцінай і Дар'і Ліпкінай, адбылося 26 ліпеня.
30 ліпеня беларускія праваабаронцы накіравалі зварот спецыяльнай дакладчыцы ААН па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнауль, у якім выказваюць занепакоенасць няспынным ціскам на адвакацкую супольнасць Беларусі.
Як раней паведамлялася, у лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзій чатырох адвакатаў Менскай гарадской калегіі адвакатаў - Алега Агеева, Тацяну Агееву, Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі палітзняволеных, арыштаваных па справе аб падзеях у Менску 19 снежня. 6 сакавіка са складу калегіі быў выключаны адвакат Павал Сапелка.