Суд па справе аб выбуху ў метро пачнецца 15 верасня
- 30.08.2011, 14:17
Вярхоўны суд Беларусі пачне разглядаць крымінальную справу аб выбуху ў менскім метро 15 верасня.
Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе ВС.
Пасяджэнні будуць праходзіць у адкрытым рэжыме ў сталічным Доме правасуддзя пад старшынствам першага намесніка старшыні Вярхоўнага суда Аляксандра Федарцова.
Зміцеру Канавалаву прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні тэрарызму, якое ў тым ліку прывяло да чалавечых ахвяраў, прычынення целавых пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, іншыя цяжкія наступствы, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў і выбухных прылад, злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмыснага знішчэння і пашкоджанні маёмасці агульнанебяспечным спосабам .
Уладзіславу Кавалёву прад'яўленае абвінавачванне ў саўдзеле ў форме дапамагання і здзяйсненні тэрарызму, здзяйсненні злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў, ўкрывальніцтве асобы, якая ўчынiла асабліва цяжкае злачынства, і неданясенні аб здзейсненых і плануемых асабліва цяжкіх злачынствах.
Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» менскага метро прагрымеў 11 красавіка. 15 чалавек загінулі, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.