Анекдот. Васілевіч хоча кантраляваць Інтэрнэт
- 14.09.2011, 12:50
Генпракурор Рыгор Васілевіч лічыць, што на ўзроўні ААН неабходна распрацаваць адзіныя правілы карыстання Інтэрнэтам і сацсеткамі.
«Практыка публікацый у Інтэрнэце рознага кшталту артыкулаў паклёпніцкага характару, інсінуацый, падбухторвання да парушэння заканадаўства кажа пра неабходнасць падрыхтоўкі дакумента, дамовы, якая б ўпарадкавала карыстанне Інтэрнэтам», - заявіў Р. Васілевіч, адказваючы на пытанне агенцтва «Інтэрфакс-Захад» па выніках праведзенага у сераду ў Менску пасяджэння Каардынацыйнага савета генпракурораў СНД.
«Такі дакумент мог бы быць падрыхтаваны на ўзроўні ААН», - дадаў Р. Васілевіч.
Генпракурор Расеі Юрый Чайка лічыць, што сацыяльныя сеткі неабходна кантраляваць. «Вы бачылі, што адбылося ў Лондане. На мой погляд, пытанне відавочнае - кантроль за гэтай дзейнасцю павінен быць, і я думаю, што ён будзе разумны, у інтарэсах абароны свабод грамадзянаў», - сказаў Ю. Чайка.
Генпракурор Казахстана Асхат Даулбаеў, у сваю чаргу, лічыць злом інфармацыю, якая распаўсюджваецца ў Інтэрнэце і сацыяльных сетках.
«Толькі ў расейскім сегменце - сотні сайтаў, якія заклікаюць да экстрэмізму і тэрарызму. Сёння ў Казахстане пракуратура прымае самыя жорсткія меры, і мы змаглі дамагчыся закрыцця дзясяткаў сайтаў», - сказаў А. Даулбаеў. «Пытанне кантролю за сацыяльнымі сеткамі, за Інтэрнэтам - гэта пытанне будучыні, дзяржавы павінныя разам супрацьдзейнічаць гэтаму злу», - працягнуў ён.
Рэзюмуючы выказвання сваіх калегаў, генпракурор Беларусі падкрэсліў, што «праблема ёсць, яна патрабуе вырашэння, з безумоўным выкананнем правоў усіх удзельнікаў гэтых адносінаў».