Аўтуховіч не верыць, што яго вызваляць
- 2.09.2011, 18:04
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч не верыць, што яго выпусцяць з турмы ў бліжэйшы час.
Свае сумневы на гэты конт асуджаны прадпрымальнік выказаў у лісце да маці моладзевага актывіста Андрэя Кіма - Тацяны Кім, урывак з якога яна зачытала ў эфіры «Польскага радыё».
«Вельмі рады, што нехта ўжо змог сустрэцца са сваімі сваякамі. Увесь свет ведае, што гэтыя людзі сядзяць і сядзелі ў турме без віны. Таму ўсё гэта заканамерна. Я чамусьці ў душы не адчуваю, што і мне хутка прадставіцца магчымасць глынуць паветра волі. Магчыма, мае адчуванні за гэтыя гады турмаў прытупіліся, або ў свядомасці закладзена не цешыцца раней за час, але вось няма адчування блізкай волі. Я хачу, каб гэта здарылася, таму што пачынаю дэградаваць. Тут больш прыходзіцца маўчаць, трымаць усё ў сабе, быць вельмі асцярожным і замкнёным. І гэта прыводзіць да таго, што часам не магу нават успомніць патрэбнае мне слова, хоць добра яго ведаю. Вядома, я, калі прыйдзецца, дасяджу да канца тэрміну і не зламаюся, але вось колькі застанецца ў мяне сіл, я не ведаю. Таму і не хачу, напэўна, душой адчуць магчымасць вызвалення, каб не сурочыць».
Нагадаем, ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы калоніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўванне і перавозку пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Палітвязень адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі.