Затрыманы прадстаўнік адной з пацярпелых падчас тэракту
- 21.09.2011, 14:19
(абноўлена) Увечары 20 верасня па невядомых прычынах ў Менску быў затрыманы Аляксандр Круты.
На судзе па справе аб тэракце ў менскім метро ён прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, што пацярпела падчас выбуху 11 красавіка.
Як сказала БелаПАН Інэса Крутая, бацька патэлефанаваў ёй напярэдадні каля 20 гадзін і сказаў толькі, што яго затрымалі і даставілі ў Маскоўскае РУУС. Пра прычыны затрымання ён нічога не казаў. Даведацца пра іх у сваякоў не атрымліваецца.
Невядома таксама, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандр Круты - ці да гэтага часу ў Маскоўскім РУУС, альбо ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Аляксандр Круты актыўна паводзіўся ў працэсе па справе аб тэракце. Менавіта яму належала хадайніцтва аб пераносе суду да вырашэння пытання аб адмене ў Беларусі смяротнага пакарання, стварэння інстытута прысяжных засядацеляў і ўвядзення іх у працэс.
Інэса Крутая сёння ўпершыню прыйшла на пасяджэнне суда і мае намер звярнуцца да суддзі з заявай, у якой патрабуецца прыпыніць працэс да таго моманту, пакуль ейны бацька не будзе зноў дапушчаны ў суд у якасці ейнага прадстаўніка. Сама Інэса Крутая наведваць суд не ў стане, бо атрымала сур'ёзныя траўмы падчас тэракта.
Як пасля атрымалася высветліць сваякам Крутога, яму інкрымінуецца здзяйсненне злачынства, прадугледжанага часткай 1-й артыкула 339-га Крымінальнага кодэкса «Хуліганства». У чым канкрэтна ён абвінавачваецца, сваякам у міліцыі сказаць адмовіліся. Родным затрыманага было толькі паведамлена, што пытанне аб абранні ў дачыненні да яго меры стрымання будзе вырашанае ўвечары 21 верасня.