Еўрапейская Беларусь на «Кірмашы народаў» у Вільні
- 22.09.2011, 14:44
24-25 верасня ў Вільні на праспекце Гедыміна ў трэці раз пройдзе гарадскі фестываль нацыянальных рамёстваў, страў і культур «Кірмаш народаў» або па-літоўску «TAUTŲ MUGĖ».
На ім прадстаўнікі розных нацыянальных дыяспар, якія сумесна пражываюць у Вільні, прэзентуюць свае родныя краіны і народы
Беларусь на гэтым свяце будуць прадстаўляць студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, удзельнікі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», а таксама беларускія мастакі і фальклорныя калектывы, якія сумесна прадэманструюць лепшыя дасягненні і асаблівасці культуры і вобразы беларускага народа.
Зоркай беларускага музычнага прадстаўніцтва на сумесным канцэрце стане выканаўца Vinsent, выступ якога адбудзецца ўвечары 24 верасня ў 19 гадзін непадалёк ад Кафедры (сцэна будзе знаходзіцца ў пачатку праспекта Гедыміна каля гатэля AMBERTON).
«Даўно марыў выступіць у Вільні, асаблівым горадзе для беларусаў, горадзе, які я люблю не менш за Менск. Вялікі дзякуй за такую магчымасць арганізатарам з літоўскага боку, а таксама ЕГУ і «Будзьма». Будзе прыемна адчуць падтрымку беларусаў на канцэрце. Прыходзьце ўсе!», - сказаў Vinsent.
На свяце беларускае прадстаўніцтва можна будзе пазнаць па нацыянальных бел-чырвона-белых сцягах, якія будуць лунаць над намётамі. Беларусы будуць частаваць жыхароў Вільні і гасцей кірмашу дранікамі і смачным півам, сваімі выступамі будуць падымаць настрой фальклорныя калектывы. Найбольш актыўныя ўдзельнікі беларускай забаўляльна-пазнавальнай праграмы атрымаюць падарункі ад кампаніі «Будзьма беларусамі», якая па запрашэнні віленскіх беларусаў таксама далучылася да свята і падрыхтавала для наведвальнікаў беларускага намёта на «Кірмашы народаў» свае падарункі.