BE RU EN

Пацярпелая ад выбуху ў менскім метро папрасіла прытулку ў Германіі

  • 22.09.2011, 15:47

Заяву Інэса Крутая і ейная сям'я аднеслі ў амбасаду два тыдні таму.

Пацярпелая ад выбуху ў менскім метро 11 красавіка Інэса Крутая і ейныя бацькі папрасілі палітычны прытулак у Германіі. Як паведаміла Крутая БелаПАН, дакументы ў амбасаду ФРГ у Менску ейны бацька, Аляксандр Круты, аднёс каля двух тыдняў таму. Палітычнага прытулку ў нямецкіх уладаў просяць сама Інэса, ейны бацька і маці - інвалід.

«Я хацела б атрымаць палітычны прытулак у той краіне, у якой паважаюць правы чалавека. Мяне задаволіла б Германія», - сказала Крутая.

Што цяпер з ейным бацькам, Інэса не ведае. Ёй таксама невядома пра інцыдэнт, які адбыўся з удзелам ейнага бацькі 17 жніўня і пра які паведаміў 22 верасня суддзя Аляксандр Федарцоў.

Як паведамлялася раней, Аляксандр Круты прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі ў судзе па справе аб тэракце ў менскім метро, ​​бо сама яна не ў стане стала прысутнічаць на працэсе - Інэса атрымала сур'ёзную траўму галавы. У ходзе працэсу ён паводзіўся вельмі актыўна. Менавіта Крутому належала хадайніцтва аб пераносе суду да вырашэння пытання аб адмене ў Беларусі смяротнага пакарання, стварэння інстытута прысяжных засядацеляў і ўвядзення іх у працэс.

Аляксандр Круты быў затрыманы ў Менску ўвечары 20 верасня па абвінавачванні ў хуліганстве.

21 верасня ў канцы судовага пасяджэння Інэса Крутая паспрабавала перадаць суддзі Аляксандру Федарцову, які старшынюе на судзе над абвінавачанымі ў тэракце, заяву ў сувязі з затрыманнем па невядомых прычынах яе бацькі. Аднак суддзя адмовіўся прыняць заяву.

22 верасня Федарцоў часткова зачытаў пастанову аб затрыманні Крутога. У ёй сказана, што Аляксандр Круты «17 жніўня, калі знаходзіўся ў кабінеце адной з медыцынскіх установаў Менска, наўмысна здзейсніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем нормамі маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён «выліў змесціва двух слоікаў з мачой на галоўнага лекара». Высветлілася таксама, што Круты абвінавачваецца ў хуліганстве «з асаблівым цынізмам».

У цяперашні час Круты знаходзіцца ў Рэспубліканскі навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя (Навінкі), куды адпраўлены па накіраванні пракурора. Аб гэтым ягоным сваякам паведамілі ў Маскоўскім РУУС Менска.

Як паведаміла Інэса Крутая, «займацца праблемамі бацькі» яны з маці плануюць заўтра. Яна таксама паведаміла, што цяпер сям'я шукае адваката для бацькі.

Апошнія навіны