Студэнтаў прымушаюць падпісаць абавязальніцтвы аб няўдзеле ў рэвалюцыях
- 30.09.2011, 12:48
Студэнтаў Брэсцкага тэхнічнага універсітэта абавязваюць падпісаць паперу, згодна з якой яны не будуць прымаць удзел у «рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі».
Студэнтам тэлефануюць міліцыянты і просяць сустрэцца з гэтай мэтай. Студэнт Яўген паведаміў «Радыё Рацыя», што існуе пэўны спіс студэнтаў, каму супрацоўнікі праваахоўных органаў павінныя патэлефанаваць:
- Я даведаўся, што мяне шукала міліцыя, мяне на той момант не было дома, я стэлефанаваўся з міліцыянтам і высветліў, што мне трэба распісацца ў тым, што я азнаёмлены з інфармацыяй, што акцыі - гэта несанкцыянаваныя незаконныя мерапрыемствы, што гэта цягне за сабой і г.д. Калі я запытаўся, чаму менавіта я, ён сказаў, што не можа даць такой інфармацыі, яму проста далі спіс.
Брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што паперы такога плану не маюць юрыдычнай сілы, іхняя мэта - толькі псіхалагічны ціск на студэнтаў. З дапамогай такіх дзеянняў міліцыянты выяўляюць рэакцыі студэнтаў на ўдзел у такіх мерапрыемствах, каб пры неабходнасці прыняць іншыя меры.